КАРБАКСІЛА́ТНЫЯ КАЎЧУКІ́, карбаксілзмяшчальныя каўчукі,
сінтэтычныя каўчукі, макрамалекулы якіх маюць карбаксільныя групы (—COOH).
Аморфныя, не крышталізуюцца пры расцяжэнні, шчыльн. 930—970 кг/м³ (у залежнасці ад саставу). Атрымліваюць эмульсійнай супалімерызацыяй ізапрэну ці бутадыену (або яго сумесей са стыролам, α-метылстыролам і інш.) з ненасычанымі карбонавымі к-тамі, пераважна метакрылавай кіслатой (1—5%). Здольныя вулканізавацца (з-за наяўнасці COOH-груп) аксідамі і гідраксідамі двухвалентных металаў (напр., цынку, магнію). Гума з К. к. вызначаецца высокімі супраціўленнем разрастанню трэшчын пры шматразовых выгібах, цепла- і зносаўстойлівасцю, устойлівасцю да цеплавога старэння. Выкарыстоўваюць для вырабу шыннага пратэктара, велакамер, нізу гумавага абутку, у якасці заменніка натуральнай скуры (у кампазіцыі з полівінілавым спіртам).
т. 8, с. 62
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)